|
Другие новости:
|
Раненая птушка
Гэтай зімой арнітолагі Гомельшчыны выказваюць заклапочанасць лёсам пярнатых насельнікаў лесу. Прычыны, па якіх птушкі ўсё бліжэй ляцяць да населеных пунктаў, вядомыя – шукаюць ежу. А там - як распарадзіцца лёс. Параненаму драпежніку, які стаў героем нашага сюжэту, пашчасціла.
На свеце шмат добрых людзей – гэта з уласнага вопыту ведаюць спецыялісты Гомельскай гарадской ветэрынарнай станцыі. Да візітаў дарослых і дзяцей, якія знаходзяць на вуліцы амаль замерзлых пярнатых, тут прывыклі. За год бывае з дзесятак выпадкаў. Узімку – калі трашчаць маразы, летам – як толькі дарожнікі бяруцца за работы. Часцяком крылатыя атрымліваюць траўмы па асабістай неасцярожнасці, як гэты драпежнік. У яго пашкоджана крыло, ёсць траўмы і на іншых жыццёва важных частках цела.
Пасля таго, як птушка паправіцца, яе выпусцяць на волю, альбо давераць чалавеку, які зможа аб ёй паклапаціцца. І гэта толькі адзіны выпадак – спадзяемся - са шчаслівым канцом, які трапіў ў аб”ектыў нашай відэакамеры. А колькі іх – крылатых сяброў чалавека і жывёлін, якія па розных прычынах гінуць! Гомельскія арнітолагі не стамляюцца даказваць – праблему трэба вырашаць канструктыўна.
Гэты ўчастак як адзін з варыянтаў размяшчэння спецыялізаванага цэнтра, дзе б своечасова і поўна аказвалася дапамога братам нашым меншым. З такой прапановай выступілі спецыялісты Гомельскай гаррайінспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя.
Зараз у Гомельскім гарвыканкаме абмяркоўваюцца ўсе магчымыя варынты наконт месца дыслакацыі цэнтра. І дзе б ён ні быў створаны, галоўнае, каб пытанне вырашылася станоўча. Бо, як вядома - ступень гуманнасці грамадсва вымяраецца адносінамі да людзей паважанага ўзросту і братоў нашых меншых.
03.02.2010
Н. Ігнаценка
|