"Залатая шайба"
17:15 | 29 сакавіка | 2019
Трохразовыя чэмпіёны. Каманда «Альянс» з Лельчыцкага раёна стала пераможцай рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі «Залатая шайба» у Дывізіёне Б старэйшай узроставай групы. Турнір праходзіў у Жлобіне. За ўзнагароды змагаліся пяць каманд. Дружына з Лельчыц на шляху да перамогі абыграла сапернікаў з Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. У заключны дзень спаборніцтваў «Альянс» гуляў са сваім галоўным канкурэнтам за золата камандай «Арляняты» з Гродзенскага рэгіёна. Матч завяршыўся унічыю 2:2. Гомельская і Гродзенская дружыны набралі аднолькавую колькасць ачкоў, аднак па дадатковых паказчыках першы радок занялі лельчыцкія хакеісты. Такім чынам яны сталі трохразовымі пераможцамі турніру «Залатая шайба». Гэты трыумф – сапраўды вынік карпатлівай працы. Срэбраныя медалі дасталіся гульцам каманды «Арляняты» з Гродзенскай вобласці. Замкнулі тройку мацнейшых «Кадзінскія львы» з Магілёўскага рэгіёна.