Жыхарка Гомельскага раёна Ефрасіння Рак сёння адзначае соты дзень нараджэння
У вобласці стогадовы жыццёвы рубеж перасягнулі 58 чалавек: 54 жанчыны і чацвёра мужчын.
Не пье лекаў, радуецца кожнаму дню і вельмі любіць сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Жыхарка Гомельскага раёна Ефрасіння Рак сёння адзначае соты дзень нараджэння. Нашы карэспандэнты наведалі жанчыну і павіншавалі яе.
Павіншаваць жанчыну прыйшло шмат гасцей. І для кожнага юбілярка знайшла ў адказ добрыя і шчырыя словы падзякі. Да такой колькасці людзей у гэтым доме прывыклі. Калі да маці і бабулі прыедзе ўся сям“я, атрымаецца не менш як паўсотні чалавек. Ефрасіння Маркаўна дала жыццё пяці дзецям. Зараз мае 11 унукаў і 10 – праўнукаў. Самай малодшай – два гады, старэйшаму – 27. Таму імянінніца хутка можа стаць прапрабабуляй. Дзецей яна вельмі любіць. Прычым – не толькі сваіх, бо амаль усё жыццё адпрацавала настаўніцай, была дырэктарам школы. На чорна-белых здымках, якія разглядае разам з малодшай дачкой Нінай, узгадвае сябе, сяброў, калег, блізкіх. Памятае ўсё сваё жыццё і кожнага вучня.
Дарэчы, усяго ў Гомельскай вобласці стогадовы жыццёвы рубеж перасягнулі 58 чалавек: 54 жанчыны і чацвёра мужчын. Старэйшая жыхарка нашага рэгіёна жыве ў Жлобіне, ёй 108 гадоў.




