
У Гомелі прэзентавалі кнігу да юбілею "Ленінкі"
Але святочныя мерапрыемствы ў Ленінцы працягваюцца - сёння пройдзе «Ноч класікаў».
«Храм мудрасці: учора, сёння, заўтра: старонкі гісторыі Гомельскай абласной бібліятэкі». Кнігу пад такой назвай стварылі да 90-гадовага юбілею ўстановы яе супрацоўнікі. І ўрачыста прэзентавалі.
Да сваёй саліднай даты бібліятэка прайшла нялёгкі шлях. Былі дасягненні і складанасці. Установа перажыла вайну – потым адраджалася. Лёс «Ленінкі» - так пяшчотна і больш звычна называюць бібліятэку гамяльчане – гэта людзі. Супрацоўнікі бібліятэкі, яе кіраўнікі, навукоўцы, пісьменнікі, чытачы. Многія з іх знайшлі сваё месца на старонках кнігі. На прэзентацыі выдання артысты Народнага тэатра «Гра» ў тэатралізаванай форме адлюстравалі самыя важныя гістарычныя падзеі і этапы станаўлення і развіцця абласной бібліятэкі. Дарэчы, установа за апошняе дзесяцігоддзе двойчы была адзначана кіраўніцтвам вобласці як пераможца ў намінацыі «Лепшая культурна-асветніцкая арганізацыя» і занесена на абласную Дошку гонару.
Святочныя мерапрыемствы ў Ленінцы працягваюцца. А ўсіх запрашаюць на «Ноч класікаў: ноч у бібліятэцы 2018».
Фота з інтэрнэту носіць ілюстратыўны характар.



