Праезд да могілак на тэрыторыях зон адчужэння
7 мая ў Беларусі – Радаўніца. Праезд да могілак на тэрыторыях зон адчужэння без пропускаў будзе дазволены з чацвёртага па сёмага мая. Патрабуецца толькі рэгістрацыя на кантрольна-прапускных пунктах. Таксама беспрапускны рэжым будзе дзейнічаць 28 красавіка ў Нараўлянскім раёне і 2 мая - Веткаўскім. Час знаходжання на тэрыторыях зон адчужэння - з 9-ці да 17-ці гадзін. Для наведвання могілак у гэтыя дні неабходна мець з сабой пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу, а таксама дакументы на транспарт. Могілкі, размешчаныя на тэрыторыі радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ў Хойніцкім, Брагінскім і Нараўлянскім раёнах, адначасова адносяцца і да пагранічнай зоны. Пры іх наведванні замежныя грамадзяне павінны атрымаць пропуск у тэрытарыяльных органах пагранслужбы. Уязджаць на тэрыторыю Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка неабходна толькі праз кантрольна-прапускныя пункты. Пры выездзе будзе праводзіцца радыяцыйны кантроль.